historik

historikГістарычная канферэнцыя прайшла ў Мінску 20 сакавіка. Патрэба ў яе наладжванні звязана з неабходнасцю для кожнага з нас разумець той шлях, якім вёў нас Бог праз нашу гісторыю.

Як сказаў Антоній Бокун, пастар царквы «Яна Прадвесніка», на нашу гісторыю трэба паглядзець з хрысціянскай перспектывы. Таму ўся канферэнцыя была падзелена на сем частак – сем эпох беларускай гісторыі.

У першай распавядалася пра старажытную Беларусь: пра з’яўленне беларускага народа, пра хрышчэнне, пра першых князёў. Пасля была ўзнесена малітва, каб сённяшнім беларусам мець такую ж любоў і прыхільнасць да сваёй зямлі, якую мелі нашы продкі.

Другая эпоха адзначалася праўленнем Міндоўга, Гедыміна, Ягайлы, стварэннем Вялікага княства Літоўскага.

histirik3Далей найлепшы перыяд – шаснаццатае стагоддзе, Залаты Век Беларусі. З ім звязаны імёны такіх вядомых дзеячаў нашай краіны, як Францыск Скарына, Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Леў Сапега і іншыя. Прыклад гісторыі гаворыць, што шчасце не ў багацці і не ў сіле коней, а ў жыцці, у якім ёсць Госпад Бог.

Чацвёртую эпоху акрэслілі як палітычную блізарукасць, інтэлектуальную слабасць, несалідарнасць, недахоп служыцеляў. Адмовіліся ад Божых прынцыпаў – згубілі сваю моц. У малітве акцэнтавалі ўвагу на тое, каб нацыянальная эліта звярнулася да Госпада.

Да пятай эпохі аднеслі падзел Рэчы Паспалітай, дзейнасць Кастуся Каліноўскага. Яе ахарактарызавалі як грамадзянскі эгаізм і фарміраванне беларускай думкі. Малітву ўзнеслі са словамі «Дапамажы расправіць крылы свае, каб стаць сапраўднай Белай Руссю».

historik2Шостая эпоха распавядала пра савецкі час, пра сталінізм, пра Чарнобыльскую аварыю.

Апошняя эпоха закранула самы складаны перыяд – сучасны. Складаны таму, што даволі цяжка аб’етыўна аб ім гаварыць, усё стане зразумелым, мабыць, толькі праз доўгі час. Але сёння ёсць пытанне, на якое павінен адказаць кожны: «Дзе ж цяпер Беларусь?»

Антоній Бокун упэўнены, што прыйдзе час, калі амаль ўсе беларусы будуць размаўляць па-беларуску: «Гісторыя як сведчанне, мы павінны разважаць над ёй, разглядаць яе, знаёміцца з ёй. Не ведаць сваю мову, не карыстацца ёй – вялікая памылка народа. Мова – гэта толькі частка неабходнага, але частка вельмі балючая…»

Канферэнцыя была дапоўнена маленькімі пастаноўкамі на гістарычную тэматыку, праслаўленнем на беларускай мове. Асаблівую атмасферу стварыла музыка групы «Стары Ольса», што дало магчымасць кожнаму яшчэ больш адчуць сэрца роднай Беларусі.

Агата Ухава

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *